Вы праглядаеце журнал [info]pollushka

Нішцякі й фенькі
Свежанькае 
18-Тра-2012 08:34 pm(бяз тэмы)
    1.Колькі ўвагі -- мабільнаму! ЁН НЕ ТЭЛЕФАНУЕ! МЫ НЕ ЎБАЧЫМСЯ?..... Пакутліва нават не ад болю, ад прадчування болю -- вось-вось і пачнуць крэмзаць лязом. Яно прарастае ўва мне завабнай балючай кветкай. І разам з гэтым прыходзіць адчуванне: "Яно, пакутлівае чаканне, не маё, чужое нейкае, сурагатнае". І ёсць ўнутры нешта такое, што песціць гэтую пакутлівую кветку, а не песці, не палівай -- здохне на фіг!..
   Калі мы хадзілі з Кешам снедаць-абедаць-вечэраць у кавярні Гоа... (У Індыі замову стандартна сорак хвілін чакаць даводзіцца) Дык вось Кеша сядзеў абсалютна папушчаны -- а я, напружаная ў чаканні замовы, ім захаплялася..
                                                                           
 2.  У Юлі было саторы і Любоў цякла з вачэй касмічнай Радасцю, але яна так і не стала Будай. Бо штосьці ўнутры ўзрушылася: "Прасветленасць ці не? Што гэта? Яно назаўжды?" Прысвойванне дарэшты знічтажае гэты цуд Лёгкасці

3. Памятаю, як у перыяд захопленасці кніжкамі Оша, я сядзела рамантычным летнім вечарам адна ў пакоі, слухала тыбецкую музыку. І загналася, раптам зразумеўшы, што чым бы я цяпер не занялася -- пішы ліст сяброўцы, крутую духоўную кніжку пачні чытаць -- усё гэта прасякнута ЧЫМСЬЦІ такім... Тэатральнасцю, ганарыстасцю, эгаістычным "я". 
18-Тра-2012 05:42 pm(бяз тэмы)
Усвядоміла закладзеную ўва мне праграму на манагамнасць. І тое, што не хочацца ператвараць сэкс у забаву: маўляў, падумаеш патрахацца!.. Усё ж такі сэкс -- гэта святыня для мяне. І ператвараць яе ў звычайныя анучы -- ну, яго...
19-Крс-2012 04:17 pm(бяз тэмы)
Празаік Анатоль Казлоў, прачытаўшы маё апавяданне, сказаў:
-- Ну, я б на тваім месцы больш удакладняў думку, каб сказ быў цалкам напоўнены і каб слова з яго не выкінуць. Я, канешне, разумею, што ў цябе стыль такі -- рваны, з незавершанымі сказамі...
-- Я проста прозу мадэрністаў люблю, -- адказваю.
-- Мадэрнізм? Ды варта пакінуць гэтыя эксперыменты гісторыі!..
І вось ужо дні мінаюць з моманту нашай размовы. А мне ўсё думаецца і думаецца, наколькі ж слушна рваныя, незавершаныя сказы таго апавядання маю асобу характарызуюць. Я разгядаю сваё жыццё, сваю псіхіку -- і бачу калаж. Мая будзёнасць -- гэта праца журналістам і цяга да літаратуры; ёга, захапляльныя прабежкі на стадыёне і наведванне басейна час ад часу; прасветлены майстар, псіхааналіз і ўсялякае іншае эзатэрычнае здараецца -- лекаванне рукамі Рэйкі ці корпанне ў карме роду. А яшчэ ў маім жыцці дастаткова людзей, якіх я люблю (дастаткова да "і калі ўжо знойдзецца час убачыцца?"), і дастаткова мужчын. Няважна нават, што нехта з гэтых хлопцаў -- сябар, а нехта ex-бойфрэнд. Важна, што між намі існуе нейкая невымоўная глыбіня і адчуванне каштоўнасці стасункаў; здаецца, усяго некалькі крокаў -- і правалішся ў бездань "ты мая другая палова да смерці!"
Калі ж вярнуцца да адчування ўласнай калажнасці... Ці не з'яўляецца гэта духам нашага часу? І няўжо гэта дрэнна -- быць "калажнай" гарадской паненкай? Сваю прыроду бязглузда лічыць няправільнай, яе, сваю прыроду, мудра разумець, усведамляць. Бо толькі той, хто спакойна усведамляе сябе -- не ламае! -- здольны правальвацца глыбей. 
... А яшчэ кажуць, што дух нашага часу -- адсутнасць каштоўнасцяў, інфантыльны плюралізм (ад паверхневасці, а не ад розуму), дурная свабода...
... Празаіку Анатолю Казлову ўзроста маёй мамы падабаецца стыль са сказамі завершанымі; напоўненыя і выразныя сказы, каб слова не выкінуць.
     
15-Крс-2012 12:41 pm(бяз тэмы)
 В. -- ён цудоўны неверагодна! І гэтае "неверагодна цудоўны" ураўнаважвае тое, што В. яшчэ і мудак непараўнальны. 
 Часам В. надакучвае мне -- і быццам бы больш няма пра што і нецікава размаўляць. Але, нягледзячы ні на што, я ведаю, што кахаю В. І, дзякуй Богу, не гуляюся ў інфантыльныя сумненні. Хаця ў забаўку "больш не буду прыходзіць да цябе!" -- гуляюся. "Гуляць перад самім сабой, робячы выгляд, што зусім не гуляеш", -- клёўка сказала Ганначка.    
3-Крс-2012 03:15 pm(бяз тэмы)
Усведамляць сябе Жанчынай -- а не закансерваваным падлеткам альбо мужыкавата-агрэсіўна-безгустоўнай бабай -- гэта не эгаістычныя панты, а натуралёвае чалавечае шчасце.
Неба блакітнае, сонца, птушачка скача... І Уладзіслаў, малады інтэлектуал, крэмзае маё імя магічнымі рунамі. Да таго, як ён падыйшоў са звычайным "А можна з вамі пазнаёміцца?" у звычайным метрапалітэне, я ехала ў вагоне, разглядала адлюстраванне сваё ў шкле і думала, што мае чыстыя, ненафарбаваныя, нядужа прычэсаныя космы -- кайфовыя!.. Стандартная фраза Уладзіслава не проста ўразіла, а неверагодна ўразіла: два тыдні таму на гэтай жа самай станцыі метро да мяне падыйшоў шляхетны філолаг, такая прыгожая душа, які, як і Уладзіслаў, давядзе да самага пад'езда. А потым -- сушыць родныя космы ў басейне і гэтыя мілыя вандроўнікі-сябрукі Сяргеі з мастацкай адукацыяй...
Мужчыны -- творчыя, разумныя, захапляльныя! -- самі пачалі знаёміцца са мной у грамадскіх месцах.
Сусвет размаўляе са мной, сусвет кажа мне: "Ты -- Жанчына!"
12-Сак-2012 09:54 pm(бяз тэмы)
Разглядалі шэдэўры Хруцкага, Бялыніцкага-Бірулю, Жукоўскага...
Стары добры жывапіс проста выпраменьвае ЦІШЫНЮ.
4-Сак-2012 01:11 pm(бяз тэмы)
Мне лёгка і натуральна адпускаць свае меркаванні і быць глінай у чыіхсьці руках.
Ужо шмат гадоў я гуляю ў гульню "маё ахуенае, балючае і невырашальнае падсвядомае", і разам з гэтым я не баюся шчырасці з людзьмі. Калі раптоўныя госці, а ў пакоі не прыбрана, мяне гэта не парыць. І распавесці пра свае "касякі", раскрыцца не сябру, а пакуль яшчэ проста знаёмцу, -- гэта мне падабаецца.
***
По фігу, што ў Андрэя ёсць жонка і дзеці. Гэта зрабіла нашу Тантру -- у якой не было нават дотыкаў -- яшчэ больш радаснай і шчырай. Я прыйшла на форум па экапаселішчах з планам, з жаночым інстынктам пошуку другой паловы. А тут -- Андрэй, з якім у нас адзін на двух майстар Адвайты. І вось гэтаму мужчыну, з якім -- нямашака аніякіх перспектыў на будучыню!, я дазваляю лепіць з сябе тое, што ён пажадае.
-- Ты хочаш стварыць сям'ю і жыць у экапаселішчы? Але гэтак ты проста адныя пакуты зменіш на другія, -- кажа Андрэй.
Так! Гэта падае ў мяне, я дазваляю яго словам прарастаць ува мне...
-- Зразумей, ты хочаш мужа і дзяцей? Эга села на гармоны, і ты паверыла гэтым жаданням. Ты проста баішся не быць, таму, каб пацвердзіць ілюзарнае "я", табе патрэбны "МОЙ муж", "МАЁ дзіця"...
Так, так, так!!! Гэтыя словы знічтажаюць усе цяжкія планы, замарочанасць, напружанасць і сурагатную прагу чагосьці яшчэ ад жыцця.
І вось я ўжо не іду на лекцыю пра тое, як выжыць за горадам, а застаюся з Андрэем у сталоўцы -- піць кіпень з мёдам і трындзець пра карму. Напэўна, я прыйшла сюды, каб вось так, шчыра, без усялякіх абумоўленасцей перспектывамі і жаночымі маніпуляцыямі гутарыць і смяяцца з Андрэем. І адкінуць важкую ідэю пра пошук другой паловы, ад якой -- адна напружанасць.
***
Давай, Мая Кундаліні! З ніжніх чакр -- падымайся ў Сэрца. А Сэрца не хоча завабліваць мужыкоў і валодаць імі. У Сэрцы проста па-сапраўднаму смяешся, раствараешся ў чыіхсьці вачох, без перспектыў, планаў і хітрасці. І, можа, у гэтым смеху становіцца усвядомленым Бог -- наш стары добры Бог, загрувашчаны страхамі і планамі...
23-Лют-2012 07:25 pm(бяз тэмы)
Вера.
Калі я побач з Вераю, ува мне спявае прыгожы рускі празаік Аляксей Рэмізаў: "Вера! Верочка! Верушка!"
Вера, Верочка, Верушка...
Кніжкі нашага выдавецтва не прадаваліся, а як Вера з'явіцца -- неверагодна! -- кніжкі прадаюцца!
Яна прыцягвае і захапляе -- магнетызмам моцнага чалавека, шчырай і не-хлуслівай, дарагой сэксуальнасцю моцнай жанчыны.
І побач з тым, хто квітнее, я намацваю ў сабе падаўленае... маю Жанчыну, якая, цалкам верагодна, і адродзіць майго пахаванага Буду-Хрыста, які ні мужчына і ні жанчына, а -- больш!
20-Лют-2012 01:04 am(бяз тэмы)
Дзякуй, Існаванне!
За шэраг усіх гэтых мужчынаў, якія -- не тыя.
І гэты боль не-прызнанасці, ён проста ўказвае на тое, што трэба быць густоўна -сціплым. На тое, што сквапнасць мая -- штучная ды прыдуманая.
Я думаю, што каханне прадмет, які схапіць можна. Ды не!!! Яно -- не прадмет!!!
Расчараванне -- шляхетная, дарагая, непазбежная кветка!
9-Лют-2012 11:48 am(бяз тэмы)
Паша.
Я рада, што ў мяне ёсць сябар Паша.
Неспакойная амурная палкасць перарастае з гадамі ў куды больш спакойнае сяброўства, калі надзеі, мроі і чаканні больш не нервуюць, калі выдатна ведаеш, хто ж ён, Паша, ёсць. І галоўнае, больш не жадаеш самасцвярдзіцца, прысвоіць сабе гэтага мужчыну.
Але ж нешта засталося, гэтая аснова, якую і час не знічтажае: павага, прыманне, адданасць... Я па-ранейшаму магу ўважліва глядзець у гэтыя вочы. І, напіўшыся моцнай гарбаты, пад псіхадэлічную электроншчыну, растварацца ў гэтых вачах, лавіць эфект марыхуаны.
Я заўжды ўважліва слухаю Пашу. І памятаю многае вялікае, слова ад слова, чаму ён вучыў мяне некалькі гадоў таму. Цяпер ён кінуў вучыць вялікаму, але ж тыя даўнія фразы і сёння выбухаюць ува мне, ператвораныя ва ўлюбёныя цытаты.
"Калі жанчына і мужчына сапраўды кахаюць адзін аднаго, ім ўвогуле по фігу быць разам ці не".
"Табе не хапае ўвагі мужчын? Але ж як ты можаш сапраўды атрымліваць яе, замарочаная на сваім эгаістычным жаданні і чаканні?"
"Свет ніколі не будзе кахаць цябе так, як ты яго кахаеш."
... Паша зноў, як і сто гадоў таму, прыходзіць у мой родны пакой. А потым сыходзіць. І, як заўжды, пакідае пасля сябе добрую гарбату і тэчку музыкі ў кампутары.
2-Лют-2012 05:12 pm(бяз тэмы)
Прызнацца па шчырасці, я пачуваюся досыць адукаваным гуманітарыем. Ну, хаця б таму, што раз на месяц шчаслівая знаходзіць у паштовай скрынцы (тая, якая ў пад'ездзе, а не кампутарная) элітарны часопіс "Мастацтва".
Але -- я ўсё больш цвёрда перакананая -- амаль любы чалавек прыходзіць да разумення рана ці позна: інтэлект, эстэтычны густ, уласная творчасць -- гэта не ўсё! Нават больш: усё гэта, разумееш на пэўным этапе, ні да чаго не вядзе. І што далей? Ну, далей узгадваеш, напрыклад, што, акрамя розума, ёсць яшчэ і цела, пра якое можна клапаціцца, робячы гімнастычныя практыкаванні. Далей тое, што завецца "духоўным пошукам", рэлігіяй: што застанецца ад мяне, калі прыбраць добрую рэпутацыю, прафесію, прызнанне маіх сяброў, сям'ю? Хто я ёсць насамрэч? Нават стан здароўя пачынае губляць сваю важнасць, бо лёс цела -- памерці. Тыя, хто сур'ёзна задаюцца пытаннем "Хто я?", ужо не вымяраюць сябе талентам, колькасцю зробленых справаў, станоўчай ацэнкай грамадства. Комлекс непаўнацэнасці, уласцівы большасці людзей ("А што я з сябе ўяўляю? А ці не заняцца мне яшчэ маляваннем, каб стаць самавіцейшым?") усё больш забаўляе. І ты ўжо так палка і бяздумна не кідаешся ў знешнюю дзейнасць, бо... галоўная таямніца ў нечым іншым!
Мне здаецца, што менавіта такі шлях чалавецтва, натуралёвае развіццё кожнай адзінкі, што працягваецца не абавязкова адно жыццё. Свядомасць жа ні канца ні пачатку не мае...
30-Стд-2012 05:50 pm - Хто я? І хто ты?..
І раптам усведамляеш: гэта ж я жанчына, а значыць, што гэта Я тая вадкасць, у якой ТЫ распускаешся. Ці не распускаешся... І гэта Я дазваляю ТАБЕ квітнець. І Я - галоўны, не-крыклівы рэжысёр. І нават як быццам бы за мной апошняе, вырашальнае, слова: так альбо не...
Ён кажа: "Прыязжай, да нас, у нашу камуну, са спальнікам, ночыць". Але я ўжо ведаю, што... не! Таму што баюся людзей і сябе? А можа, таму што надта глыбокая, каб быць экстравертнай тусоўшчыцай і здрадзіць сваёй прыгожай і халодна-маўклівай самоце. Ці ты сам заўжды баяўся мяне, а я -- цябе. А можа, не мае гэта дзверы... Кажуць жа, што памыліцца ўвогуле немагчыма.
Бог функцыянуе праз мяне так, а не інакш. Бог стварыў мяне, каб уважліва слухаць тваё лапатанне пра берлінскія сквоты і стракатую, быццам бы свабодную і быццам бы такую завабна-радасную Еўропу. Уважліва слухаць, а потым сказаць: "Не!" Каб шпацыраваць у заўсёднай самоце па менскім знаёма-незнаёмым прашпекце. І нічога асаблівага з сябе не ўяўляць: не музыка і не мастачка, ночу не на флэтах, а дома; у кампаніі больш маўчу; круты палюбоўнік R. быў ды сплыў.
...Адзінае, што дакладна ведаю ў гэтым жыцці, дык гэта тое, што любоў да сябе і прыгажосць зусім не залежаць ад колькасці адданых сяброў, нават ад колькасці выказаных словаў не залежыць і ад мужчын, якія цябе жадалі, таксама не залежыць. Туды, у Самае Галоўнае, і варта ісці.
Каханне ТУТ, ЗАЎЖДЫ са мной, а не там.
І няма тут нікога... акрамя МЯНЕ...
21-Стд-2012 11:18 am - Каханне_бля
Я пераадолела ляноту і падлічыла: мы пазнаёміліся з П. амаль чатыры гады таму. Псіхолагі не хлусяць, 3-4 гады -- таемны туман закаханасці растае, і што застаецца?...
-- Ды ты... Ды ты ўвогуле быў самім афігеным каханнем за ўсё маё жыццё! -- кажу.
Я вагалася: казаць гэта ці не казаць? Бо любое азначэнне адноснае і хлуслівае па сутнасці сваёй. І ўсё ж... І ўсё ж! Найчасцей я хутка расчароўваюся ў хлопцах і, падыходзячы бліжэй, усведамляю: не тое! І з П., вядома, расчароўвалася, але не пераставала цягнуцца, уважліва і аддана слухаць усё гэтае інтэлектуальнае мужчынскае лапатанне...
Забаўна, я насамрэч закахалася ў П. з першага позірку. Менавіта ўважлівы кантакт вачыма, калі ён назваў сваё імя пры знаёмстве, -- і выбух маладой радасці ўнутры, і гэтая магічная цяга да хлопца. П., вядома, не памятае гэты момант, бо ў яго у жыцці здараецца шмат дзяўчынак.
Тое, што між намі адбывалася, ён сам акрэсліў як "рамантычнае сяброўства". Гэтыя гарбаты, уважлівыя тантрычныя позіркі і лекцыі П. на тэму "Каханне -- не прывязанасць, не жаданне". І Крышнамурці! П. падараваў мне Джыду Крышнамурці! Як мы былі разам на семінары Крышнамурці, гэты захад, човен, свабода воднай прасторы вакол, усе гэтыя цікавыя аматары ні з кім непараўнальнага індыйскага мудрэца... І я ведала, што калі б побач не было П., яго завабнага позірку і смеху, не было б і гэтага цнатлівага, крохкага і магічна-звонкага спеву ўнутры. Я нават радавалася часам, што мы не цалаваліся і за рукі не трымаліся. Бо простая прысутнасць, гарбата, позірк і слухаць яго было свежым світанкам, грацыёзнымі і таленавітымі вершамі. І мне здаецца, што больш ні з кім я не перажывала такую пастэльную, неспасцігальную, густоўную і чароўна-ціхую паэзію. Проста прысутнасці, лёгкіх дотыкаў у вагоне метро было дастаткова.
Часцяком я адчувала, што П., з гэтай неверагоднай колькасцю сябровак, -- гулец. Аднойчы -- позняй восенню ў парку, мы шмат сустрэч праводзілі ў парку -- я праявілу моцную пазіцыю, накінулася абдымаць і сказала: "Хачу з табой цалавацца!" П. распачаў бяскрыўдна смяяцца, у вочы мне не глядзеў, адвярнуўся, працягваючы міла смяяцца, аднак. І зусім нічога не сказаў... Праз 15 хвілін мы развіталіся -- у яго была чарговая "стрэлка" з берасцейскай сяброўкай. Я ішла дахаты пешкі, праз цёмны менскі вечар позняй восені, і чамусь пачувалася асабліва свабоднай, разважаючы пра тое, што, акрамя амурны гульняў і "чагосьці ад кагосьці хацець", у жыцці яшчэ багата ўсяго цікавага...
Драма ад таго, што ў жыцці П. нарэшце з'явілася адна сталая дзяўчына, перыжалася мной хутка і досыць лёгка.
За ўсе гэтыя гады я прызвычаілася, што П. -- гэта свабодная, развітая асоба, амаль гуру... А як жа? Колькі духоўнай літаратуры ён мне прыносіў і колькі ўсяго казаў. І да аднаго прасветленага майстра на сатсангі мы хадзілі. А цяпер, праз 4 гады, калі салодкі туман закаханасці растае, я часам пачынаю губляцца: дык хто такі насамрэч гэты П.? П., з усімі гэтымі "стрэлкамі" праз кожныя 40 хвілін, з нью-эйджэўскім лёгкім музлом, з усё новымі і новымі сяброўкамі. І ўсё ж такі мне падабаюцца яго думкі. "Спачатку мы зачароўваемся чалавекам, а потым расчароўваемся!.." -- сказаў учора.
... І вось мы развітваемся, і ён выходзіць з вагона метро, а мне хочацца плакаць. Таму што... куды падзеўся гэты світанак унутры? І хто такі гэты П. увогуле? Любімая колісь, парэпаная працяглай увагай кніжка, вывучаная да такой ступені, што ўжо нецікава? І, калі ў свеце яшчэ так шмат кніжак, то гэтую хочацца кінуць на высокую паліцу. Так?.. Скура П. як быццам бы старэе і, мне падаецца, не такая, як 4 гады таму. Ён больш не ходзіць на сатсангі да нашага майстра, але па-ранейшаму вегетарыянец і музыка. Выходзіць з вагона метро -- і як быццам бы захлопваюцца старонкі майго сонечнага студэнцтва, з гэтай вясновай радасцю... Але ж, начытаўшыся ўсіх гэтых кніжак, ведаю, што і гэтае "мне хочацца плакаць" -- усяго глюкі розуму.
Снег на вуліцах такі бялюткі і марозны. Людзі, я чую крокі людзей на зімовых вуліцах. Проста я яшчэ нешта не зразумела. Напрыклад, тое, што хопіць чакаць і жадаць. Тое, што Сустрэча з Каханым адбываецца ўнутры, а не звонку. І той, хто ведае, ужо не расчароўваецца.
12-Стд-2012 08:48 pm(бяз тэмы)
Карацей, нармалёвае кіно ў маёй галаве.
Спачатку я чытала крутую кніжку крутога тыбецкага Рынпочэ. А потым думала: "Ну, хопіць, хопіць гэтых дурацкіх кніжак!!!"
Затым даведалася пра смерць 24-гадовай Волі Гудковай. Той самай... Памятаю, як мы сустрэліся на вуліцы Карла Маркса. Воля была такая стрыжаная-стрыжаная і такая раздаўбайская са сваім не-залікам па фіз-ры. Яна нарадзілася ўсяго на месяц раней за мяне.І вось... Я, вядома, думала банальнае: жыць, пакуль жывецца, не заганяцца, радавацца. А што яшчэ думаць, калі трагічна знічтажаецца чыёсь цела? (Таксама -- напраўдзе! -- мы, людзі, любім дрэнныя навіны. Ах, ах! Як жа цынічна!)
Смерць чыйгось цела -- адзін з самых дзіўных, хаця часцяком і надзвычай балючых, абсурдаў гэтага свету. Думкі пра гэта зусім не робяць нас нейкімі спачувальнымі. І зусім не набліжаюць да Таямніцы Смерці. Абуджаюць? Ну, так, чарговы стан злавіў, што прыйшоў, а значыць, сыйдзе.
Карацей, сёння да мяне прыходзілі нармалёвыя думкі, прырода якіх не больш, чым забаўляць.
8-Стд-2012 12:36 pm(бяз тэмы)
Апошнім часам да мяне трапляюць нейкія надзіва сугучныя мне, досыць інтэлектуальныя і глыбокія творы сучаснай беларускай літаратуры. Я -- захапляюся! І не ўзнікае пытанне, як часам узнікае: "Ок, я заўважыла прыгожую гульню формаў, але што за ёй? І навошта гэтая прыгожая гульня формаў, калі ў сэрца твор не западае?" Альбо бесперспектыўнае заліпанне ў песімізме -- гэта мяне таксама не торкае. Ну, зразумела, што літаратура можа быць рознай і калі зоркі запальваюцца, то камусь гэта трэба...
Апавяданне Жанны Капусты "Расчаравенне, альбо каханне, якога не было" у апошняй "Маладосці" "выпілася" за адзін раз. Пра каханне -- гэта хітова. Але я захапілася асэнсаванасцю аўтаркі, крытычнай думкай. Уменнем разносіць міты, што часта цікавей і інтэлектуальней, чым захапляцца.
І ўсё ж... І ўсё ж! Побач з захапленнем і павагай да добрай літаратуры ўзгадваюцца словы нейкага праваслаўнага старца аб тым, што чалавек -- гэта нават болей, чым яго сентыментальныя пачуцці. Літаратура -- не толькі паэзія, але і проза -- будуецца на падмурку "ствараць з жыцця драму". Ну, а калі ты накіраваны на "ўсё проста", накіраваны на мудрасць "лёгка адпускаць", "не трахаць мозг, а проста жыць"...
Ды, кадук яго бяры, у нас багата часу! І, акрамя гарманічнага піць гарбату і гуляць на прыродзе, у жыцці можна змясціць і яшчэ якіясь гульні.
This page was loaded Чэр 3 2012, 6:36 am GMT.